Ліпкі

Вёска з прыгожай назвай Ліпкі вядома з 1795 года. Тады яна належала графам Тышкевічам і пераходзіла ад аднаго да другога ўладара. Мясцовыя жыхары былі шчырымі земляробамі. Аднак багаццем лічыліся не толькі палеткі, але і навакольныя лясы.

Вось чаму шукаць шчасце ў чужых мясцінах не было сэнсу, і маладыя заставалася побач з бацькамі. Бралі шлюбы, будаваліся. Тым больш, жыццё наладжвалася. У 1933 г. быў арганізаваны калгас, што дало магчымасць падняцца на ногі і беднякам. Напярэдадні Вялікай Айчыннай у 23 дварах пражывалі 253 вяскоўцы. Хіба моглі яны ведаць, што іх Ліпкі раздзеляць лёс Хатыні? Усе дамы былі знішчаны немцамі. Праўда, большасць насельнікаў уратавалася ў тутэйшых лясах і балотах.Липки

— Ведаеце, я потым усё жыццё не магла спакойна хадзіць па лесе, — дзялілася пры сустрэчы А. Ф. Маслоўская (на здымку). – Здавалася, што за кожным дрэвам хтосьці хаваецца, як было гэта ў вайну. І ўсё ж падчас апошняй блакады мне не пашанцавала: разам з іншымі равеснікамі трапіла ў рукі карнікаў, якія адправілі нас, падлеткаў, у Германію. У горадзе Штаблаку мы працавалі на заводзе. Жылі ў драўляным бараку, елі здохлых коней. Пасля вызвалення я вярнулася дамоў, дзе чакала расчараванне: на месцы былой вёскі засталося папялішча. Удваіх з матуляй мы начавалі на ферме. А калі мне прапанавалі работу ў леспрамгасе, адразу ж згадзілася, бо вельмі цяжка было.

Тады Алене Францаўне пашанцавала яшчэ і з мужам. Яе выбраннік аказаўся чалавекам надзвычай майстравым, які не толькі для сваёй сям’і дом пабудаваў, але і ледзьве не ўсе астатнія ў вёсцы.

— Працавалі тады рук не пакладаючы, — узгадвала бабуля. – Акрамя асноўнай работы ў кожнага на падворку невялічкая ферма была: каровы, коні, цяляты, свінаматкі з парасятамі, авечкі. Чаго толькі не трымалі, каб дзяцей на ногі падняць. І дабіліся свайго. У мяне цяпер двое сыноў і дачка ў Мінску жывуць, а яшчэ адна дачушка – у Маскве. Усе яны жыццём задаволены. Мне шасцёра ўнукаў і трох праўнукаў падарылі. Малыя вельмі любяць бываць у Ліпках. Ім жа тут такое раздолле: свежае паветра, лес з грыбамі ды ягадамі, рэчка празрыстая.

Сама бабуля бачыць дрэнна, перанесла некалькі аперацый, мае першую групу інваліднасці на зроку. У 2001 годзе яна зламала ногу ў бядры, але знайшла ў сабе сілы падняцца з ложка.

— Здаецца, няма такога выпрабавання, якое не пераадолеў бы чалавек, — разважала 82-гадовая вяскоўка, трымаючы на руках свайго любімца – ката Маркіза. – Нельга толькі падаць духам. Ды і людзі добрыя заўсёды знойдуцца, дапамогуць.

Для Алены Францаўны такімі ў першую чаргу з’яўляюцца сацыяльны работнік і бліжэйшы сусед. Нібы ў пацверджанне, В. У. Паўловіч завітаў, каб паведаміць бабулі пра прыезд аўталаўкі.

— Дзякуй, Віктар, за клопат, але на сёння ўсё ў мяне ёсць, — паведаміла наша суразмоўца і для нас дадала: — Абавязкова наведайцеся да гэтага чалавека, не пашкадуеце.

Мы скарысталіся парадай Алены Францаўны. Ды і як было абыйсці ўвагай гаспадара самага дыхтоўнага ў Ліпках дома. Як высветлілася, Віктар Уладзіміравіч – чалавек мясцовы ( на здымку з сям’ёй). Увесь час працаваў на суседняй ферме, дзе і цяпер тэхнікам-асемянатарам завіхаецца яго жонка Святлана Сяргееўна. Старэйшы сын Ілля служыць дэсантнікам у Брэсце, чым бацькі вельмі ганарацца. Трэццякласнік Віталік з сястрычкаю першакласніцай кожны дзень выпраўляюццца ў Каменскую СШ, дзе і да вучобы, і да школьнага жыцця праяўляюць інтарэс.

— Не менш радуемся мы поспехам яшчэ аднаго свайго выхаванца – Сяргея, — падзяліўся падчас размовы мужчына. – Гэта мой пляменнік. З 7 гадоў ён з’яўляецца членам нашай сям’і. Цяпер у 10 класе вучыцца. Па гаспадарцы мне дапамагаць любіць.

Гледзечы на розныя хлеўчукі і мноства тэхнікі, не цяжка было здагадацца, што клапатлівым рукам на падвор’і спраў хапае.

-- Імкнемся, каб дзеці не адчувалі сябе абдзеленымі, — працягваў аповед Віктар Уладзіміравіч. – Усе прадукты ў доме свежыя. Мая матуля, якая жыве разам з намі, гатуе смачныя абеды. У нас цёпла і ўтульна. Таму на сямейным савеце вырашылі падзяліцца тым, што маем, з абдзеленымі бацькоўскім клопатам дзеткамі. Чакаем на днях папаўнення яшчэ адным хлопчыкам і дзяўчынкаю. Хочацца, каб Ліпкі сталі іх домам. Зноў-такі вяселей будзе ў вёсцы ад дзіцячых галасоў. Калісьці яны не змаўкалі цэлы дзень, не так як цяпер.

Паштальён Н. А. Дашкевіч (на здымку) лічыць, што людзі тут заўсёды жылі працавітыя і дружныя:

– Менавіта ў Ліпкі прывозілі ўдзельнікаў розных раённых семінараў, каб паказаць, як па-гападарску ставіліся вяскоўцы да сваёй малой радзімы: дамы рамантавалі, кветкі вырошчвалі, за парадкам на падвор’ях сачылі. На жаль, усё гэта ў мінулым. Цяпер пастаяннных жыхароў можна пералічыць па пальцах. Праўда, улетку Ліпкі ажываюць за кошт дачнікаў і дзяцей, якія прыязджаюць сюды адпачыць і пачуцць подых родных сцен, з якіх выйшлі ў жыццё.

Валянціна КОРЗУН.
Фота Л. ЗАГОРСКАГА