Восеньскія матывы ў душы

 

­­­Залатое лісце на клёнах, чырвоныя гронкі на рабінах, празрыстае павуцінне на галінках дрэў і кустоў, хмарнае неба з блакітнай просінню... Такі яшчэ па-летняму рознакаляровы і па-восеньску сумны пейзаж напамінае пра творчасць Наталлі Арсенневай, якая вельмі любіла восень і прызнавалася ў гэтым у сваіх вершах:

Як не любіць мне восень залатую,

калі праз вопратку асін густую

тон прабіваецца чырвоны, слаўны тон,

і ў золаце стаіць маўклівы пышны клён?

 

Як не любіць мне восень залатую,

калі на ніву зжатую, пустую

ліецца уначы, як малако, туман

і павучынне скрозь на хмызняку палян.

 

Як не любіць мне восень залатую,

як не любіць мне частку года тую,

калі я веру ўсім, калі душа гарыць

і хочацца так век,  

                             хоць сумаваць, а жыць...

Хаця ў іншых вершах восень выклікае ў паэткі сумныя пачуцці:

Сыплюцца з клёнаў лісты,

сыплюцца ціха, маўкліва,

крыюць зямлю і кусты

пражаю жоўтай, шасцівай.

 

Сыплецца саду краса,

кроплі дажджу, як раса,

ззяюць сцюдзёнай палівай.  

Восень... дык дождж і не дзіва.

 

Сыплюцца з клёнаў лісты,

сыплюцца ціха, маўкліва,

крыюць зямлю і кусты

пражаю жоўтай, шасцівай.

 

Сэрца і б’ецца, й баліць,

Плача па небе й зямлі,

Тоне у сумах, сумлівах.

Восень...

               дык сум і ня дзіва...

Чытаючы гэтую таленавітую паэтку, якой прыйшлося доўгі час жыць у выгнанні, далёка ад роднага краю, неяк інакш ставішся да холаду і макрэчы. Дождж і пранізлівы вецер пад уплывам арсеннеўскай вобразнасці ўспрымаюцца як нешта неабходнае, як тое, што павінна быць. Верасень, кастрычнік, лістапад – гэта як пераходны этап да чагосьці новага і чыстага, чым з’яўляецца зіма. Таму пачуцці ў гэты перыяд абвостраныя, імкліва перабіраеш у памяці ўсё, што зроблена за мінулы год і што яшчэ трэба зрабіць.

Восень – гэта час рамантычнай разняволенасці (такое адчуванне ўзнікае ад прыроднай разнастайнасці) і строгай сабранасці, бо холад прымушае сціснуцца ў кулак і больш энергічна працаваць.

Прывабнасць асенняй пары асабліва адчуваеш у лесе, дзе апалае лісце адгукаецца мяккім шэптам, а вільготнае паветра з грыбным пахам атуляе чалавека і прымушае суцішыцца, забыцца на крыўды і няўдачы. Нездарма Наталля Арсеннева напісала такія радкі:

Калі людзі пакрыўдзяць цябе,

калі хочацца плакаць, маліцца, –

ты ідзі вузкай сцежкай у лес,

там так лёгка на крыўды забыцца!

Быццам прыйдзеш ты ў хорам дзіўны,

дзе няма ані слёз, ні маны,

дзе пачуеш у шэптах лісця:

«Ты даруй неразумным, як я...»

I адыдзе туга, шугане

ў вышыню, бы ўстрывожаны рой.

Зразумееш, што ўсё праміне

          у жыцці, нават гора з бядой...

Вераснёўскі лясны верас, кастрычніцкія кастрышчы ад змеценага лісця, лістападаўскія лістапады – гэтыя прыродныя малюнкі бліжэй да зімы становяцца ўсё больш і больш сумнымі. Але так хочацца, каб не было восеньскага суму ў душы!..